Астрафізіка супраць астралогіі: навуковец пра знакі Задыяка

Поделиться Share on VKShare on FacebookTweet about this on TwitterShare on Google+Share on LinkedInPin on Pinterest

Тым часам калі журналісты пішуць гараскопы для сваіх выданняў, прадаюцца часопісы з апісаннем залежнасці адносін ад сумяшчальнасці знакаў, нямногія вераць у вартасць астралогіі. Пра гэта вучэнне з пункту гледжання астраноміі распавёў выкладчык Ліцэя БДУ Віктар Малышчыц. Яго навуковыя інтарэсы — астраномія і астрафізіка, таксама займаецца астрафатаграфіяй.

Віктар Малышчыц. Фота: А. Ляўшэня

Меркаванне

— Астралогія — гэта проста лжэнавука, як алхімія, напрыклад. І тая, і другая ў свой час зрабілі шмат карыснага як для астраноміі, так і будучай хіміі. Толькі ад гэтага яны навукамі не сталі, бо не прызнаюць ні навуковыя метады даследаванняў, ні метады праверкі фактаў. Так склалася, што з развіццём хіміі алхімікі неяк зніклі, а вось адэпты астралогіі чамусьці засталіся.

Для многіх прыродазнаўчыя навукі кшталту фізікі і астраноміі падаюцца занадта складанымі, а ў розную хлусню, што транслююць астролагі, паверыць нашмат прасцей, чым вучыць формулы, законы і метады.

Выкладчык узгадвае эксперымент, які праводзіўся ў ЗША сярод студэнтаў. Вучоныя зрабілі каласальную выбарку — 11 тысяч чалавек. На лісце з пытаннямі трэба было паставіць птушачкі насупраць тых рысаў характару, якія табе адпавядаюць, і крыжык, калі не. А ў канцы прасілі напісаць дату свайго нараджэння. І суаднеслі адказы з характарыстыкамі знакаў Задыяка. У выніку раўнамернага размеркавання, сувязяў не атрымалася.

Авен. Фота: В. Малышчыц

“Астролагі не вельмі любяць навуковыя метады. Напрыклад, любы вучоны скажа, якія метады трэба прымяніць, каб пацвердзіць тэорыю ці тыя факты, якія могуць яе аспрэчыць. Астролаг гэтага зрабіць не зможа. І не будзе набіраць статыстыкі. Скажа проста, што Плутон уплывае на тое і тое. Адкуль ён гэта ведае? Плутон мы назіраем менш чым 100 гадоў, за гэты час ён нават аднаго абароту вакол Сонца не зрабіў”.

Адзін з дванаццаці

Знак Задыяка кожнага чалавека вызначаецца па даце яго нараджэння. Лічыцца, што актыўныя планетарныя ўзаемадзеянні ў момант з’яўлення чалавека на свет надзяляюць яго асаблівымі рысамі характару, тэмпераментам і нават лёсам. Віктар Васільевіч адносіцца, як сцвярджае гараскоп, да знака Цяльца. Ён адзначае:

— Рысы Цяльца мне амаль падыходзяць. І ведаеце чаму? Астролагі — добрыя псіхолагі. Адна знаёмая, якая па адукацыі працавала псіхолагам і вяла прыватныя кансультацыі, потым уцяміла, што, калі назавешся астролагам, будуць больш плаціць. Але фактычна займаецца той жа псіхалогіяй, толькі людзі больш задаволеныя выходзяць з кабінета. Справа ў тым, што калі вы пачытаеце характарыстыку любога знака, то нешта падобнае да сябе знойдзеце. Кшталту: “Цяльцы адважныя, разумныя, смелыя, мудрыя, пяшчотныя” — ну гэта ж я, безумоўна! Негатыўныя рысы таксама ёсць. “Зайздросны, упарты” — не пра мяне. І выходзіць, што 80% праўдзівыя, а 20 — не. Вось так працуе гараскоп. Але па сутнасці гэта проста самаперакананне.

Сузор’е Цяльца. Фота: В. Малышчыц

Выключаны са спісу

13 частка зорнага цыферблата — Змеяносец — не лічыцца задыякальным знакам. Сонца знаходзіцца ў гэтым сузор’і з 30 лістапада па 16 снежня. Яно сваім паўднёвым канцом урываецца ў вобласць паміж Скарпіёнам і Стральцом.

Грэчаскі міф злучае Змеяносца з імем Асклепія, бога лекавання, сына Апалона і німфы Караніды. Забіўшы жонку за здраду, Апалон перадаў немаўля Асклепія на выхаванне кентаўру Хірону, знаўцу медыцыны. Вырасшы, Асклепій прыйшоў да думкі ўваскрашаць мёртвых, за што ўгневаны Зеўс уразіў яго маланкай і змясціў на неба.

Сузор’е Змеяносца. Фота: В. Малышчыц

— У астролагаў ідзе прывязка да знакаў Задыяка, а ў астраномаў — да сузор’яў, — тлумачыць Віктар Васільевіч. — І сапраўды так атрымалася, што контуры фігуры Змеяносца знаходзяцца крыху вышэй за лінію, па якой рухаецца Сонца. Але калі намаляваць умоўныя межы, то атрымаецца, што Змеяносец заступае на экліптыку.

Межы сузор’яў — справа астраномаў, астролагі ўвогуле сузор’ямі не цікавяцца, таму развагі пра магчымы 13 знак Задыяка — гэта дакладна не тэма для вучоных.

Даты “з’ехалі”

Экліптыка — бачны гадавы шлях цэнтра сонечнага дыска па нябеснай сферы. Астролагі дзеляць яе на 12 роўных частак, стартуючы з пункта веснавога раўнадзенства. А астраномы прывязваюцца да межаў сузор’яў. Цэнтр сонечнага дыска перасякае нябесны экватар два разы ў год — у сакавіку і ў верасні. Праз пункт веснавога раўнадзенства Сонца пераходзіць з паўднёвага паўшар’я нябеснай сферы ў паўночнае (21 сакавіка). Праз пункт восеньскага раўнадзенства Сонца пераходзіць з паўночнага паўшар’я нябеснай сферы ў паўднёвае (23 верасня). Пункт раўнадзенства з часам змяняецца. Таму пару тысяч гадоў таму ён быў у сузор’і Авена, вось астролагі і вырашылі першым знакам пасля раўнадзенства лічыць Авена, а пункт раўнадзенства папоўз насустрач Сонцу і ўжо даўно сядзіць у сузор’і Рыб. Звязана гэта з тым, што зрушэнне пункта веснавога раўнадзенства адбываецца насустрач гадавому руху Сонца прыкладна на 50 вуглавых секунд у год. Гэта зрушэнне з’яўляецца перыядычным, і прыкладна кожныя 26000 гадоў пункты раўнадзенства вяртаюцца на ранейшыя месцы.

Сузор’е Змеяносца. Фота: В. Малышчыц

Каля 2 тысяч гадоў таму знакі Задыяка супадалі з аднайменнымі задыякальнымі сузор’ямі. У тую далёкую эпоху пункт веснавога раўнадзенства знаходзіўся ў сузор’і Авена. Аналагічна пункт восеньскага раўнадзенства знаходзіўся ў сузор’і Шаляў, летняга сонцастаяння — ў сузор’і Рака, а кропка зімовага сонцастаяння — у сузор’і Казярога. Але затым яны паступова зрушыліся да захаду і даўно ўжо знаходзяцца: пункт веснавога раўнадзенства ў сузор’і Рыб, а пункт восеньскага раўнадзенства ў сузор’і Дзевы, пункт летняга сонцастаяння — ў сузор’і Цяльца, а зімовага — у Стральцу.

— Умоўна кажучы, можна было б паназіраць, напрыклад, калі Сатурн у Цяльцу, то як пачуваюцца прадстаўнікі гэтага знака, — мяркуе астраном. — На працягу стагоддзяў назапашваць дадзеныя. І зрабіць выснову, ці можа аказваць размяшчэнне зорак і планет хоць нейкі ўплыў на лёс чалавека. Але паколькі ніякай статыстыкі астролагі не набіралі, то гэта проста з галавы прыдумана, што Сатурн у Цяльцу можа на нешта паўплываць. Астраномы не разважаюць над нюансамі астралогіі і не даюць астролагам парады. Яны хочуць толькі аднаго: каб людзі перасталі верыць у тое, што лёгка абвяргаецца любымі навуковымі метадамі. І каб пачалі ствараць сваю будучыню і свой лёс самі.

Відэа: В. Малышчыц

Гутарыла Алена Ляўшэня

Поделиться Share on VKShare on FacebookTweet about this on TwitterShare on Google+Share on LinkedInPin on Pinterest